З’Е́ЗДЫ ВО́ІНАЎ-БЕЛАРУ́САЎ.
Адбыліся ў кастр.—снеж. 1917 у арміях, акругах, на франтах па ініцыятыве Вялікай беларускай рады (ВБР). Пачаткам З.в.-б. стаў з’езд Зах. фронту 31.10—6.11.1917 у Мінску, на якім прысутнічалі таксама прадстаўнікі 12-й арміі, Балт. флоту і Румынскага фронту. З’езд выказаўся за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. рэспублікі, падтрымаў арг-цыю бел. краёвай улады ў асобе ВБР. Адзначыў неадкладнасць стварэння бел. нац. войска для забеспячэння цэласнасці і непадзельнасці Беларусі, выпрацаваў канцэпцыю яго арганізацыі. Пастанавіў стварыць Цэнтральную беларускую вайсковую раду (ЦБВР), абраў Часовую ЦБВР і яе выканком на чале з С.А.Рак-Міхайлоўскім, які ўвайшоў у выканком ВБР. Прызнаў неабходным стварыць пры ЦБВР рэд., агітац., фін., гаспадарскую і культ.-асв. камісіі, бюро арг-цыі бел. войска. Выказаўся за бязвыкупную перадачу ўсіх зямель працоўнаму народу. Прызнаў неабходным арг-цыю ун-та, с.-г. і політэхн. ін-таў, інш. навуч. устаноў. Прыняў рэзалюцыю з патрабаваннем міру без анексій і кантрыбуцый, удзелу бел. дэлегацыі на мірнай канферэнцыі. Аналагічныя рашэнні прынялі з’езды Паўн. (ліст., Віцебск), Паўд.-Зах. (снеж., Кіеў), Румынскага (снеж., Адэса) франтоў. Рэзалюцыі франтавых З.в.-б. падтрымалі армейскія (8-й арміі, 3-га Сібірскага арм. корпуса) і акруговыя (Зах. ваен. акругі, Петраградскага гарнізона) з’езды.
В.А.Савіцкі.
т. 7, с. 51
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)